Трэццяга студзеня на супольным паседжанні Аршанскага райвыканкаму і Прэзідыюму Савету дэпутатаў былі сфармаваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі, якія непасрэдна будуць падлічваць бюлетэні. Адрозненне ў фармаванні ў гэты раз заключалася толькі ў тым, што яно расцягнулася па часе — паседжанне ішло амаль 4 з паловай гадзіны. Але вынікі фармавання камісіяў нічым не адрозніваюцца ад ранейшых. Традыцыйна, без праблемаў былі ўключаныя ў склад камісіяў праўладныя арганізацыі: БРСМ, "Белая Русь", КПБ і г.д. Затое дэмакратаў традыцыйна ў камісіі амаль не ўключылі. Так, вылучэнцы ад прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці былі адхілены спісам — камісія знайшла там няпоўныя дадзеныя прэтэндэнтаў. Без тлумачэнняў (шляхам галасавання) былі адхілены і вылучэнцы ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Пры гэтым, традыцыйна былі ўключаны ў склад некалькіх камісіяў прадстаўнікі Аб'яднанай партыі левых "Справядлівы Свет". З 17 чалавек, якіх вылучыла гэтая партыя, у камісіі ўвайшлі 7 кандыдатаў. Пры гэтым, з 7 гэтых чалавек ў спіс не патрапіў аніводны ключавы ўдзельнік партыі: кіраўнік гарадской арганізацыі Мікалай Дзямідаў, прафсаюзны кіраўнік Аляксандар Булаўка і праваабаронца Васіль Бераснеў.
Ужо некалькі скліканняў у райсавеце засядаюць дэпутаты, якіх фактычна, прызначае ўлада - сярод іх чыноўнікі і работнікі бюджэтнай сферы. Тых, хто мог бы выказаць альтэрнатыўнае меркаванне ў Савеце няма, таму і рашэнні Савет прымае пераважна без дыскусіяў і аднагалосна. Чакаць, што ў гэты раз нешта сур'ёзна зменіцца, нажаль, прычынаў пакуль няма.