Пасля таго, як “Орша” скончыла чэмпіянат Беларусі ў І лізе на 9-й пазіцыі, пра жыццё каманды нічога не вядома. Паводле дакладнай інфармацыі, якую з надзейных крыніц атрымаў Orsha.eu, у камандзе зараз няма ніводнага футбаліста і трэнера, усе дамовы з імі скончыліся ў мінулым годзе. Няма ніякай яснасці і з тым, хто будзе кіраваць клубам у новым сезоне, калі пачнуцца трэніроўкі і на якім полі. Чыноўнікі, звязаныя з аршанскім спортам, працягваюць хаваць інфармацыю, ці было арганізавана падвядзенне вынікаў сезону на высокім узроўні.
Дапамагчы высветліць гэтую сітуацыю могуць тэлефоны, аднак па іх альбо адмаўляюцца казаць нешта канкрэтнае, альбо патрэбнага чалавека не знайсці на месцы. Сайты, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам, павінны прадастаўляць інфармацыю ў тым ліку пра спорт, маўчаць. Узяць сайт фізкультурна-спартовага клуба “Орша” — там цнатлівае маўчанне адносна ФК “Орша”, затое прысутнічае буйная абвестка пра мясцовыя выбары 18 лютага. Сайт Аршанскага райвыканкаму ў раздзеле “Спорт и туризм” дае старую інфармацыю. Так, напрыклад, у спісе спартовых клубаў там дагэтуль пазначаны “Экамол”, які ўжо некалькі гадоў не выступае ў чэмпіянаце краіны па міні-футболе. У пераліку асоб, якія адказныя за спорт у горадзе, дагэтуль у рангу “выконваючага абавязкі” пазначаны Дзмітрый Бухавец. На самым высокім гарадскім узроўні за спорт адказны Алег Смірноўскі, пра гэта сведчыць той жа сайт.
На сайце гарадскога аддзелу адукацыі можна прачытаць артыкул пра гісторыю футбольнага клуба “Орша”, што вельмі няблага. Аднак раздзел даўно не абнаўляўся, бо дырэктарам клуба дагэтуль пазначаны Арцём Скарацін, які сышоў з гэтай пасады больш за паўгода таму. Атрымліваецца, ні на адным з сайтаў дзяржаўных органаў нельга прачытаць ніякай свежай інфармацыі пра жыццё і планы гарадскога футбольнага клуба.
І ў той самы час канкурэнты па чэмпіянаце не спяць. Афіцыйны сайт пінскай “Хвалі”, напрыклад, паведаміў пра падвядзенне спартовых і фінансавых вынікаў 2017 года. Запазычанасцяў няма. У Оршы ж, па нашай інфармацыі, з гэтым не ўсё ў парадку. Менскае “Тарпеда” на сваім афіцыйным сайце і ў інстаграме паведамляе пра трэніроўкі клуба і пераходы футбалістаў, а незадоўга да Новага года выйшаў дакументальны фільм пра адраджэнне каманды “70 год вернасці”. Магілёўскі “Дняпро”, які гуляе ў найвышэйшай лізе, парадаваць прыхільнікаў пакуль не можа — праз фінансавыя праблемы і цяжкасці іншага парадку ў камандзе на кантрактах засталіся ўсяго 4 чалавекі. Аднак кіраўніцтва каманды нікуды не хаваецца ад людзей і публікуе навіны, хай яны і не самыя прыемныя. Затое ў Магілёве ведаюць, што 15 студзеня пачынаецца падрыхтоўка каманды да сезону. А гэта значыць, будуць новыя футбалісты, прагляды, матчы.
Калі ж збярэцца “Орша”, ці застанецца Юрый Канаплёў трэніраваць клуб, ці захаваюць “сіня-белыя” хоць частку мінулагодняга складу і дзе будуць трэніравацца — на гэтыя пытанні сёння адкажуць толькі аршанскія чыноўнікі, якія закліканыя апекавацца клубам. Аднак ніякай інфармацыі дагэтуль няма, пры тым што прайшло ўжо больш за тыдзень у новым годзе. І пакуль у Оршы не думаюць абвяшчаць пра збор каманды, гульцоў проста могуць забраць іншыя клубы. Штогод аршанскае спартовае чынавенства наступае на адны і тыя ж граблі. Штогод каманда пачынае набіраць склад незадоўга да сезону, калі многія супернікі напоўніцу трэніруюцца. У гэтым плане летась сітуацыя была куды больш зразумелай — сіня-белыя правялі шэраг таварыскіх матчаў перад сезонам, праверылі ў справе розных футбалістаў. А што ж будзе цяпер? Пытанні, пытанні, пытанні...