Аршанская бар'ерыстка Аліна Талай прызнаная лепшай спартоўкай у беларускай лёгкай атлетыцы 2017 года. Лепшым спартоўцам стаў кідальнік молату Павел Барэйша.
Для Аліны 2017 год, улічваючы яе патэнцыял, не стаў асабліва паспяховым паводле вынікаў. Гэта, зрэшты, прызнала і яна сама. Аднак два медалі ўсё ж былі. Срэбра на чэмпіянаце Еўропы ў залах у бегу на 60 метраў з бар'ерамі, срэбраны медаль на камандным чэмпіянаце Еўропы ў Ліле. На чэмпіянаце свету Аліна заняла 6-е месца.
Пасля ўручэння статуэткі, Аліна пракаментавала падзею.
Для мяне 2017 год выдаўся змазаным і не зусім удалым. Але, з іншага боку, нават у гэты цяжкі год я стала шостай на чэмпіянаце свету. Так што не ўсё так дрэнна. А вось 2018 год шмат у чым стане вызначальным. Я ўжо другі год працую з новым трэнерам, на гэтым этапе ўжо можна будзе рабіць нейкія высновы і чакаць на вынікі. Будучым летам на чэмпіянаце Еўропы можна будзе даць ацэнку нашым поспехам. Пакуль жа я проста радуюся магчымасці прыняць удзел у такім вось свяце. Вакол ўсе такія прыгожыя! Звычайна мы ўсе носім спартыўную форму, а сёння ўсё ў сукенках, прыбраныя! Фантастычны вечар!