У Харватыі пачаўся чэмпіянат Еўропы па гандболе. Наша зборная ўжо традыцыйна прабілася ў кагорту мацнейшых камандаў кантыненту і першы матч у фінальным турніры гуляла з камандай Аўстрыі. Сустрэча адбылася ў горадзе Порэч. Зборная Беларусі перамагла ў важным паядынку 27:26, выйграўшы стартавы матч на буйным турніры ўпершыню больш чым за дваццаць гадоў. Вялікая роля ў перамозе беларусаў належала брамніку Вячаславу Салдаценку. Аршанец правёў першы тайм лепей за другі, менавіта яго ўпэўненая гульня ў шэрагу эпізодаў, яго ратаванні дапамаглі беларусам мець невялічкую перавагу ў ліку. За ўвесь матч наша каманда так і не дазволіла аўстрыйцам выйсці наперад, падапечныя Юрыя Шаўцова заўсёды былі ў адрыве на 1-3 мячы. Салдаценка правёў на пляцоўцы ўвесь матч і парыраваў 13 кідкоў з 39 — эфектыўнасць 30%, што даволі высока.
Сёння, 14-га студзеня беларуская зборная правядзе матч з камандай Нарвегіі, адной з заканадаўцаў мод у сучасным гандболе. Хутчэй за ўсё, і ў гэтым матчы Вячаслаў Салдаценка выйдзе на паркет з першых хвілінаў. Пачатак 20:30 па беларускім часе. Наўпроставы эфір на тэлеканале "Беларусь 5".
Сёння 24 гады спаўняецца яшчэ аднаму вядомаму аршанскаму гандбалісту Аляксею Хадкевічу з менскага СКА. На гэты раз Аляксей у нацыянальную зборную не трапіў, аднак у будучыні, мы ўпэўнены, па-ранейшаму будзе разглядацца кандыдатам у дружыну.