Больш за тыдзень таму Orsha.eu апублікаваў артыкул пра невядомасць будучыні аршанскага футбола. Верагодна, прыстаўленыя да клуба чыноўнікі з райвыканкама яшчэ вырашаюць пытанні бюджэта, бо за цэлы тыдзень ніякай яснасці ў сітуацыі з футбольным клубам "Орша" не з'явілася.
У "Оршы" па-ранейшаму будучыня клуба ў тумане, ніякіх навінаў з каманды не паступае. Больш за тое, наш сайт звярнуў увагу на тое, што сайты, дзе ёсць якая-кольвечы інфармацыя аб аршанскім спорце, даўно не абнаўлялі сваё змесціва. За тыдзень зрэагаваў толькі сайт гарадскога аддзелу адукацыі — верагодна, там працуюць людзі, якім не ўсё роўна. У выніку на сайце з'явіліся кантакты цяперашняга дырэктара клуба — Вікторыі Уладзіміраўны Пракапышка.
А іншыя сайты, як ФСК "Орша", так і райвыканкаму, працягваюць маўчаць. Сайт выканкаму дагэтуль працягвае паведамляць пра шахматны турнір "Орша-2012", хаця з таго часу турніраў было арганізавана нашмат болей. Пра спрынтарку Аліну Талай напісана, што яна ўдзельніца Алімпійскіх гульняў у Лондане, пра ўдзел у Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра-2016 ні слова. Ну, і ні слова пра цяперашнія дні футбольнага клуба "Орша", хаця выканкам адказны за жыццё клуба. У той момант калі тыя ж згаданыя ў папярэднім артыкуле пінская "Хваля" і менскае "Тарпеда" працягваюць дзейнічаць. Пінчукі ўжо вызначылі некалькі таварыскіх міжсезонных матчаў, а тарпедаўцы прызначылі новага трэнера і збіраюцца фармаваць склад на будучы сезон.