У той час, як частка каманд Першай лігі ўжо выйшлі з адпачынку, плануюць спарынгі і склад на будучы сезон, лёс "Оршы" застаецца ў густым тумане. Рэдакцыя старонкі "Беларускі футбол" ў сацыяльнай сетцы "Укантакце" спытала ў капітана сіне-белых Уладзіслава Знака, што ж адбываецца з камандай цяпер. І атрымала пацверджанне таго, пра што ўжо пісаў наш сайт раней, — каманды як такой фактычна няма.
- Сітуацыя ў клубе? У клубе няма ні аднаго гульца і ніводнага трэнера. На дадзены момант ФК "Орша" складаецца з бухгалтара і дырэктара. Прынамсі ў снежні было так. Якая сітуацыя цяпер я не ведаю.
- Ці ёсць запазычанасці перад гульцамі?
- Па заробку і харчаванню пытанне закрытае, па прэміяльных не.
- Як лічыш, хто вінаваты ў тым, што склалася такая сітуацыя?
- Футбол - гэта як адна вялікая сям'я. А ў сям'і вінаватыя абодва.
- У апошні час ходзіць шмат размоў пра тое, што ў Оршы ў гэтым годзе створаць хакейны клуб. Тваё меркаванне з гэтай нагоды?
- У Оршы заўсёды шмат размоў ходзіць. Можна і акрамя хакея тысячу клубаў адкрыць. Галоўнае, хто будзе ўмела гэтым кіраваць, утрымліваць, трэніраваць і фінансаваць?