Першы паўфінальны матч камандаў у Кубку Беларусі адбыўся ў Оршы, там жа яшчэ раз згуляе і пераможца пары, бо фінал турніру пройдзе якраз у Оршы. Большасць сустрэчы аршанцы пры запоўненых трыбунах знаходзіліся ў пазіцыйнай атацы. Шукалі свайго шчасця ў інтэлектуальных розыгрышах мяча. Першы момант у сустрэчы стварылі якраз "гранітаўцы", але не забілі. Шэраг момантаў яшчэ ў першым тайме быў у "Вітэна", аднак бліскуча ратаваў у "рамцы" сваю каманду брамнік "Граніт" Кайтан.
На 31-й хвіліне Падалінскі ўдала справіўся з сітуацыяй перад чужой брамай - 1:0! Павялічыць разрыў маглі Чарніенка і Гусакоў, але першы прамахнуўся, а другі прабіў у штангу. Усяго 1:0, а гэта зусім нічога не гарантуе "Вітэну" перад другім матчам.
Фота з афіцыйнага сайту "Вітэна".
Паўторны матч пары, які, уласна кажучы, назаве фіналіста, адбудзецца сёння, 24-га студзеня ў Пінску ў спартовым комплексе "Хваля". З-за таго, што гульнявая зала "Граніта" ў Мікашэвічах не ацяпляецца, клуб вымушаны гуляць у Пінску. Пачатак сустрэчы а 14-й гадзіне.