"Спорт-Вэй" набыў пэўную вядомасць у сувязі з Кубкам Беларусі, у якім ён дастойна супрацьстаяў "Вітэну" на стадыі 1/32 фіналу, але ўсё ж саступіў дарогу старэйшым па класе. Пры гэтым больш за чвэрць наведнікаў афіцыйнага сайту "Вітэна" прызналіся, што ў аршанскім міні-футбольным дэрбі ў рамках кубка будуць падтрымліваць "Спорт-Вэй". У складзе каманды нямала вядомых у Оршы імёнаў, якія раней гулялі ў вялікі футбол і ў міні-футбол. Цяпер каманда з Оршы заявілася на чэмпіянат Віцебскай вобласці, які мае статус адной з зонаў 1-й лігі чэмпіянату Беларусі.
13 камандаў падзелены на дзве падгрупы — Захад і Ўсход. На "Захадзе" будуць гуляць: "Дзвіна" (Верхнядзвінск), "Полацкгаз", "Смарагд-Нафтан" (Наваполацк), МНС (Наваполацк), "Глыбокае", "Лепель" і яшчэ адна каманда з Глыбокага — "NOHO". На "Ўсходзе" практычна ўся падгрупа складаецца з камандаў Віцебска. Гэта і "Гіпразём", і "Славянскі Вялес", і "Камунальнік", і "Газавік". Акрамя віцяблянаў тут згуляюць наш "Спорт-Вэй" і каманда "Детскосельский" з Гарадка.
Кожная каманда ўнутры падгрупы згуляе з кожнай толькі па адным разе, але туры будуць арганізаваныя ў розных гарадах. Па дзве лепшыя каманды з "Захаду" і з "Усходу" выходзяць у "фінал чатырох", дзе разыграюць медалі.