Беларуска Аліна Талай на выходных дамаглася перамогі ў Нямеччыне на VI Indoor INSTAF Berlin 2018. Яна хутчэй за ўсіх прабегла дыстанцыю 60 метраў з бар'ерамі. Прычым апярэдзіла ў фінальным забегу сваіх даўніх саперніц — немак Памэлу Дуткевіч і Сіндзі Роледэр і амерыканку Шэрыку Нэлвіс. Беларуска пракаментавала свой першы выхад на дарожку ў афіцыйным турніры і першую перамогу ў 2018 годзе. Словы аршанкі прыводзіць сайт bfla.eu.
Гэта мой першы міжнародны старт. Вельмі рада прабегчы практычна па асабістым выніку — 7.89. Я так яшчэ ніколі не бегала у сваім першым старце. Асабліва прыемна, што атрымалася выйграць у такой кампаніі. Калі я прыехала сюды, убачыла, што тут знаходзяцца чэмпіёны і прызёры свету — усе мае суперніцы, з якімі мы звычайна бегаем апошнія 5 гадоў. Таму, паўтаруся, было прыемна стаць першай. Я з нецярпеннем чакаю наступнага старту, каб выправіць усе памылкі, якія былі і пастарацца прабегчы яшчэ хутчэй. Спадзяюся, у мяне гэта атрымаецца. Ва ўсякім выпадку, мой трэнер таксама вельмі рады і з аптымізмам глядзіць на маё наступнае выступленне.