Вядомы спецыяліст Вячаслаў Акшаеў кантактаваў з кіраўніцтвам спартовай галіны Оршы. Пакуль невядома, ці падпісаны з трэнерам паўнавартасны кантракт і якія ўмовы яго працы ў клубе. Вакол футбалістаў, якія патэнцыйна могуць апрануць сіня-белую форму клуба, пакуль толькі няпэўныя чуткі. Затое шэраг гульцоў, якія раней абаранялі колеры аршанскага клуба, цяпер разляцеліся на зборы іншых камандаў. Напрыклад, паўабаронца Валерый Мараў трэніруецца з навічком Найвышэйшай лігі “Промнем” з Менску, нападнік, лепшы бамбардзір і гулец “Оршы” ў сезоне-2017 Аляксей Хадневіч цяпер на зборах “Крумкачоў”. І яшчэ адзін гулец “Оршы” паўабаронца Ілля Трачынскі цяпер знаходзіцца на перадсезоннай падрыхтоўцы яшчэ аднаго клуба эліты “Мінска”.
Невядомы лёс папярэдняга трэнерскага штабу “Оршы” пад кіраўніцтвам Юрыя Канаплёва, у які ўваходзілі таксама Васіль Дзятлаў і Сяргей Чавідаеў. Юрыем Васільевічам цікавіўся наваполацкі “Нафтан”, ці пайшлі перамовы далей за просты інтарэс, на дадзеную хвіліну невядома. Пры Канаплёве “Орша” паказала свой найлепшыя вынікі за час выступленняў у чэмпіянатах і кубках незалежнай Беларусі. У чэмпіянаце было 7-е месца ў першай лізе, датаванае 2016 годам, а ў кубку ў 2017 годзе каманда ўпершыню прабілася ў 1/8 фіналу.
Тым не менш, верагодна, што перамовы з Юрыем Канаплёвым адносна далейшага супрацоўніцтва зайшлі ў тупік, і з ім было вырашана расстацца, хаця афіцыйныя пагадненні з трэнерам, як і з футбалістамі, скончыліся неўзабаве пасля завяршэння гульнявога сезону. Адной з асноўных прэтэнзій з боку заўзятараў было тое, што каманда нерэгулярна трэніравалася разам, фактычна збіраючыся толькі на перадгульнявую трэніроўку і матчы.
Гарадскія ўлады, пад патранатам якіх знаходзіцца клуб, не здолелі забяспечыць каманду неабходнымі ўмовамі для пражывання ў Оршы і рэгулярных сумесных трэніровак. Ранейшыя размовы пра стварэнне паўнавартаснай базы клуба каля 5-й школы, канчаткова згаслі, як у свой час у канцы 90-х гадоў. Асабліва самотнасць каманды бачная на фоне міні-футбольнага “Вітэна”. Там справамі кіруе энергетычная галіна вобласці, а горад пераважна дапамагае тым, што не перашкаджае. “Вітэн” рэгулярна трэніруецца ўсёй камандай, бо ўсе гульцы жывуць у Оршы, таксама клубу прысвечаныя плакаты ў горадзе, а нядаўна каманда заваявала Кубак Беларусі.
Патэнцыйны новы трэнер ФК “Орша” Вячаслаў Яўгенавіч Акшаеў нарадзіўся 6-га красавіка 1959 года. Гэта, без рэверансаў, адзін з самых паспяховых беларускіх клубных трэнераў. Праўда, большасць ягоных рэгалій сягае ў мінулыя два дзесяцігоддзі. З бабруйскай “Белшынай” ён станавіўся чэмпіёнам краіны, а таксама заваёўваў Кубак Беларусі ў 2001 годзе.
Гэты ж трафей ён браў з віцебскім “Лакаматывам-96” у 1998-м. Тых жа віцяблянаў у 1997-м і “Гомель” у 1999-м Акшаеў двойчы прыводзіў да бронзавых медалёў першынства краіны. Засмуціць тут можа толькі доўгая адсутнасць паўнавартаснай трэнерскай практыкі ў Акшаева. Пасля зыходу з пасады асістэнта галоўнага трэнера зборнай Беларусі ў 2011 годзе Акшаеў засяродзіўся на сваёй футбольнай акадэміі ў Віцебску, і больш не трэніраваў прафесійныя клубы.