Міні-футбольны клуб “ВітэН” правёў два запар матчы ў Оршы. Спачатку супернікам быў “Барысаў-900”. На матч у гонар 8 сакавіка ўсіх жанчын пускалі бясплатна і дарылі кветкі. Акцыя была арганізаваная клубам. А далей быў матч. Як выявілася, ускрыць абарону серадняка было нескладана. Ужо на 4-й хвіліне Козел асіставаў Лебедзю з вуглавога, пасля чаго лік быў адкрыты. На 6-й барысаўчане лік зраўнялі, аднак праз некалькі секундаў спрацавала ўкраінская звязка аршанцаў – Кардоба забяспечыў пасам Клачко, які не схібіў – 2:1. А далей “Вітэн” толькі павялічваў сваю перавагу. Клачко і Сілівончык аформілі ў гэтым матчы па дублю, а таксама забівалі Цікурышвілі і Еўдакімаў. Разгромная перамога “Вітэна” 7:1.
Наступным супернікам, які прыехаў у “Алімпіец”, стаў светлагорскі ЦКК, які цяпер стаў называцца проста “Светлагорскам”. У гасцей з Гомельшчыны вельмі вялікія праблемы ў камандзе, як вынік таго толькі шасцёра гульцоў прыехалі ў Оршу. Ува многім праблемы са складам у светлагорцаў прадвызначылі зыход паядынку — госці проста не паспявалі перавесці дух. Больш за тое, у іх камандзе не было намінальнага брамніка, у браму стаў палявы гулец Загурскі. Матч стаў адметны для Сяргея Падалінскага — гэта быў ягоны 400 выхад на матч Найвышэйшай лігі Беларусі. У гэтым матчы Сяргей вызначыцца не паспеў, а вось галоў было сапраўды шмат. Праўда, такія перамогі наўрад ці павышаюць самаацэнку, усё ж трэба ўлічваць цяжкі стан, у якім апынуліся светлагорцы. “Вітэн” перамог у сустрэчы з лікам 14:2, а першы свой гол госці забілі, калі саступалі ўжо 0:7.
Аршанцы займаюць 4-е месца, але працягваюць змагацца за медалі.