Валейбольны клуб з Оршы вёў змаганне за выхад у элітны дывізіён “А”. Аднак у выніку наступны сезон клуб зноў правядзе ў дывізіёне “Б”. Матчы ў Менску ў пераходных змаганнях былі насычанымі, але ўсе скончыліся для “Узлёта” фіяска. Спачатку аршанцы сустракаліся з пераможцам другой лігі РДУАРам. Гульня на нервах была толькі ў першай партыі, якую менчукі выйгралі ва ўпартай барацьбе. Наступныя два сэты не прынеслі гаспадарам пляцоўкі вялікіх турботаў.
РДУАР — Узлёт (Орша) — 3:0 (25:23; 25:12; 25:17);
Гульня з адным з няўдачнікаў элітнай лігі не пайшла амаль з першых хвілін,а другі сэт “Узлёт” увогуле прайграў разгромна 8:25. Эфектна выйграўшы трэцюю партыю, у чацвёртай аршанцы зноў прайграліся ўшчэнт і саступілі ў матчы.
Узлёт (Орша) — МАПІД (Менск) — 1:3 (13:25; 8:25; 25:23; 14:25);
Тры ўпартыя партыі, але, магчыма, адсутнасць вялікай матывацыі перашкодзіла аршанцам узяць хоць адну. Ды і досвед, які магілёўскі клуб здабыў у матчах дывізіёну “А”, прыдаўся суперніку.
Прамень (Магілёў) — Узлёт (Орша) — 3:0 (25:20; 25:18; 25:18).
На жаль, аршанскаму валейбольнаму клубу даліся ў знакі некаторыя арганізацыйныя праблемы, якія не заўсёды залежаць ад самой каманды. Тым не менш, варта адзначыць, што нягледзячы на пэўныя праблемы, клуб і ў гэтым сезоне ў шэрагу матчаў дэманстраваў якасны валейбол.