Завяршыўся турнір “А” “Залатой шайбы” — прэстыжнага аматарскага турніру па хакеі, дзе сустрэліся 8 мацнейшых дзіцячых каманд краіны з гарадоў, якія маюць пляцоўкі са штучным ільдом. “Партызаны”, як няцяжка здагадацца, прадстаўлялі Партызанскі раён сталіцы. Была там і яшчэ адна сталічная дружына – “Беркут” з Фрунзенскага раёну. Віцебскую вобласць прадставіла віцебская “Дзвіна”, Магілёўскую “Міраж-2” з Горак, за Берасцейскую вобласць змагаўся івацэвіцкі “Вымпел”, за Гарадзеншчыну “Прынёманскія Ястрабы” з Кастрычніцкага раёну Гародні. Гомельскую вобласць прадстаўляў непасрэдна ХК “Гомель” з Цэнтральнага раёну абласнога цэнтру. І, нарэшце, у турніры браў удзел наймацнейшы клуб Менскай вобласці салігорскі “Шахцёр”.
Якраз “шахцёры” і гулялі ў фінале з “Партызанам”. Аднак хоць і навязалі барацьбу, але не змаглі стрымаць маланкавых атак суперніка. Параза 1:4. На фота з выдання “Віцьбічы” адзін з момантаў гульні з удзелам “Вымпела”, а таксама шчаслівыя пераможцы з менскага “Партызана”.