Матч 25-га туру чэмпіянату Беларусі па міні-футболе скончыўся для "Вітэна" больш чым няўдала. У матчы з мікашэвіцкім "Гранітам" аршанцы лічыліся фаварытамі, хаця іх гульня ў апошнія тыдні выклікае шмат пытанняў. І, відаць, функцыянальная яма аказалася большай, чым прагназавалася. На 6-й хвіліне першы мяч заляцеў у браму капітана каманды Мароза. Але Дзядзічкін на 9-й хвіліне аднавіў парытэт. Так было і далей. На 14-й "Граніт" зноўку выходзіць наперад, забіваючы пасля пасу з вуглавога. Але Цікурышвілі на 22-й карыстаецца перадачай Чарніенкі з аўту - і 2:2. За хвіліну да канца першай паловы гаспадары пляцоўкі зноў выходзяць наперад. Аднак чарговы раз аршанцы зраўніваюць лік. Адбылося гэта на пачатку другой паловы, а менавіта на 22-й хвіліне. Вызначыўся Цікурышвілі, прычым і ў гэтым галявым эпізодзе перадачу грузіну аддаваў Чарніенка з аўту. Праз некалькі секунд гаспадары ў чацвёрты раз вядуць!
А затым наступіў злом. "Вітэн" не паспеў зраўняць лік, а з 27-й па 30-ю хвіліны прапусціў тры мячы. 7:3. На 38-й хвіліне "Граніт" падаваў вуглавы ўдар, і Козел зрэзаў мяч у сваю браму. Гэта стала сімвалічным і характарным заканчэннем правальнага матчу. Перамога "Граніта" 8:3, і "Вітэн" ужо на 7 пунктаў адстае ад тройкі лідэраў, захоўваючы невялікія шанцы на медалі.
31-га сакавіка адбудзецца новы тур, але "Вітэн" яго прапускае з-за зняцця "АК "Паўднёвы" з турніру. Аршанцам будзе залічана тэхнічная перамога 5:0.