Сітуацыя з “Оршай” зусім кепская, каманда выйшла ў лідэры па колькасці паразаў у І лізе (7), атрымаўшы 6 запар “прабоінаў”. Апошні раз сіня-белыя набіралі пункты 26-красавіка, паўтара месяца таму! Параза ад “Ліды” ў апошнім туры была вельмі крыўднай, бо адзіны гол аршанцы прапусцілі на 90-й хвіліне. Антырэкорд яшчэ наперадзе, калі каманда не выправіцца. Але матч чэмпіянату з “Баранавічамі” ў гасцях адбудзецца толькі 17-га чэрвеня. А пакуль, 13-га чэрвеня, “Орша” адправіцца на кубкавую гульню з “Полацкгазам”.
Матч 1-га раўнду Кубка Беларусі пройдзе не ў Полацку, а ў Наваполацку, бо ў горадзе прапіскі “Полацкгаза” праблемы са стадыёнам – нават матчы чэмпіянату Віцебскай вобласці палачане гуляюць на штучным полі стадыёна “Атлант” у Наваполацку. На ім жа пройдзе і матч з аршанцамі. Гульня адбудзецца 13-га чэрвеня і пачнецца а 18:30.
Дарэчы, чэмпіянат вобласці “Полацкгаз” пачаў больш чым удала выйграныя ўсе 5 матчаў на пачатку чэмпіянату.