Прыём бронепрабега "Дарога мужнасці" ў Оршы арганізоўваў аддзел культуры. Гэта можна было зразумець з таго, што прарэкламаваў сустрэчу выконваючы абавязкі начальніка аддзела культуры Сяргей Гарбачоў. 18 чэрвеня са спасылкай на яго словы ў шэрагу дзяржаўных СМІ з'явілася інфармацыя, што прабег будуць сустракаць у Оршы а 12-00 каля помніка "Кацюшы". Прабег, праўда, на месца сустрэчы спазніўся амаль на паўтары гадзіны. У гэты час каля помніка стаялі сустракаючыя, з апаратуры гучалі савецкія ваенныя песні. Ролю масоўкі, як заўсёды, выконвалі сябры БРСМ і казацкага клуба "Русічы".
Прыехаўшым са спазненнм удзельнікам аўтапрабегу чыноўнікі паднеслі хлеб-соль і пачалі прамаўляць вітальныя словы.
Як высветлілася, мілітарысцкі бронепрабег не толькі нагадваў пра Другую сусветную вайну, але і папулярызаваў сёняшнюю вайну - як мінімум на адным аўтамабілі прабегу былі заўважаныя налепкі ў падтрымку арганізацый, якія у суседняй Украіне лічацца тэрарыстычнымі: Луганская народная рэспубліка і Наваросія.