14 чэрвеня ў адміністрацыі прэзідэнта ў Менску прайшоў прыём насельніцтва старшынёй Камітэта дзяржкантролю Леанідам Анфімавым, са сваёй бядой дабралася да сталіцы і шматдзетная маці з вёскі Еўлахі Талачынскага раёна. Жанчына расказала пра праблему адсутнасці вады ў калонках яе вёскі. Па яе словах на працягу некалькіх гадоў мясцовыя органы ўлады не могуць вырашыць пытанне аб бесперабойнай падачы вады вяскоўцам.
Асабліва моцна абвастрылася сітуацыя з вадой засушлівай вясной 2018 года. Мясцовыя ўлады абяцалі да вырашэння пытання па капітальным рамонце артэзіянскай свідравіны штодня падвозіць пітную ваду для гаспадарча-бытавых патрэб. Але ваду ў Еўлахі прывозяць толькі пасля шматлікіх званкоў у дыспетчарскую службу і ў Талачынскі райвыканкам.
- Такое стаўленне да праблем людзей, а асабліва - шматдзетнай сям'і - недапушчальна, - даў сваю ацэнку дзеянням талачынскіх чыноўнікаў Леанід Анфімаў, яго цытуе прэс-служба КДК.
Ён даручыў Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі сумесна з Віцебскім аблвыканкамам неадкладна прыступіць да вырашэння пытання забеспячэння вадой жыхароў вёскі Еўлахі і завяршэння капітальнага рамонту артэзіянскай свідравіны.