У матчы 1/16 фіналу Кубка Беларусі «Орша» прымала «Віцебск». З самых першых хвілін віцябляне захапілі ініцыятыву, аршанцы толькі абараняліся, зрэдку пераходзячы на чужую палову поля. Тым не менш, пры сваёй яўнай перавазе ў валоданні тэрыторыяй і мячом, госці амаль не стваралі момантаў ля брамы Гудзенкі. Але аршанцы не датрымаліся да перапынку – на 40-й хвіліне былы паўабаронца менскага «Дынама» серб Ненад Адамавіч адкрыў лік. У другім тайме на 60-й хвіліне Антон Матвеенка падвоіў лік. З боку аршанцаў было пару небяспечных атак, якія, зрэшты, не завершыліся нават ударам па браме.
Ну, а ў канцы паядынку падапечныя Вячаслава Акшаева праваліліся, прапусціўшы два мячы за дзве хвіліны. Замест ліку, які па такой гульні быў бы дастойным для «Оршы», наша каманда прайграла разгромна. На 90-й хвіліне Ілля Шкурын прабівае міма брамніка – 0:3, аршанцы разводзяць з цэнтру поля і губляюць мяч, абаронца парушае правілы ў штрафной плошчы – прызначаны пенальці. Яго рэалізуе Руслан Тэвераў на 90+1 хвіліне. У выніку параза 0:4, другі раз запар «Орша» прайграе з розніцай у чатыры мячы. «Віцебск» ідзе ў Кубку далей, «Орша» развітваецца з турнірам.
Орша: Гудзенка — Казакоў, Казарын, Быкаў, Русак (Шчуканцоў, 86), Іваноў (Юрасаў, 62), Смунёў, Лебедзеў, Суздальцаў (Ісачэнка, 69), Кабачэўскі (Кітаёў, 79), Калінін.