Сумяшчэнне пасадаў аказалася цяжкім грузам, верагодна, як для трэнера, так і для працадаўцы-клуба. Улетку на шэрагу матчаў Вячаслаў Акшаеў адсутнічаў, бо паралельна працуе трэнерам у зборнай Беларусі па пляжным футболе. Кіраўніцтва каманды вырашыла звольніць Акшаева, а замест яго папрасіла ў «Віцебска» трэнера дублюючай каманды Сяргея Вехцева. Ён і ўзначаліў аршанскі калектыў афіцыйна ў нядзелю. Факт таго, што аршанцы звярнуліся да «Віцебска» з просьбай адпусціць на працу з сіня-белымі Вехцева, пацвердзіў дырэктар ФК «Віцебск» Мікалай Вайцяхоўскі. Па яго словах, Вехцеў даўно хацеў працаваць на больш высокім узроўні, гэта значыць, галоўным трэнерам. Дарэчы, галоўным трэнерам Вехцеў быў у «Віцебску» і нават вывеў каманду ў Найвышэйшую лігу, але затым праз некалькі няўдалых матчаў падаў у адстаўку і трэніраваў дубль.
Трэнерская кар’ера Вехцева ўпершыню перакрочыць мяжу Віцебска, а як футбаліст Сяргей Аляксандравіч акрамя беларускіх клубаў выступаў яшчэ ў Кітаі, Расіі і Нямеччыне. Праўда, у дортмундскай «Барусіі» замацавацца яму не ўдалося.