З раніцы 14-га чысла ў Оршы зноў перакрыты дарогі ў Цэнтры. Так, па стане на 10 гадзін па вуліцы Міра нельга было праязжаць прыватнаму аўтатранспарту - толькі маршрутныя аўтобусы і таксі маглі патрапіць у Цэнтар. Астатнія аўтамабілі заварочвалі на вуліцу Хігрына. З іншага боку Цэнтра даехаць можна было толькі да рынку - далей праезд быў перакрыты.
А на плошчу выканкаму нельга было прайсці і пешаходам. Кантралявілі рух людзей і транспарту міліцыянты, супрацоўнікі ДАІ і людзі ў цывільным. Асаблівыя меры бяспекі назіраліся каля бальніцы Сямашка - акрамя большай колькасці міліцыі і людзей у цывільным тут стаяла яшчэ і машына службы 101.
Хаця прэс-служба прэзідэнта і не паведамляе пра гэта, але, падобна на тое, што Лукашэнка другі дзень працягвае свой візіт у Оршу. Па словах некаторых жыхароў паўднёвай часткі раёна, 13 жніўня картэж прэзідэнта скіраваўся ў бок Александрыі.
Заторы ў сувязі з візітам прэзідэнта ў Оршу назіраліся і ў першы дзень яго візіту.