Справы аршанскага клуба ідуць вельмі кепска. Апошняя перамога атрымана яшчэ 30-га чэрвеня, амаль 3 месяцы таму. Тады сіня-белыя перамаглі 5:2 "Чысць" з апошняга месца. Пасля гэтага ў 1-й лізе каманда правяла 9 матчаў, у якіх тройчы згуляла ўнічыю і шэсць разоў прайграла.
У першым кругу "Орша" прайграла "Нафтану" 1:3. Здарылася гэта яшчэ пры трэнерстве Вячаслава Акшаева. Цяпер трэнер каманды Сяргей Вехцеў, але за 5 матчаў з ім на чале сіня-белыя так і не перамаглі. У Наваполацку зрабіць гэта будзе яшчэ цяжэй, чым было б у папярэдніх турах з "Гранітам" і ЮАС, навапалачане хоць і не змагаюцца за вяртанне ў Вышэйшую лігу, да якой належалі шмат гадоў, аднак набралі на 8 пунктаў болей за "Оршу", якая на 12-м радку.
Матч "Нафтан" — "Орша" адбудзецца 22-га верасня на стадыёне "Атлант" у Наваполацку. Пачатак а 16-й гадзіне.