З 30 чэрвеня аршанскі футбольны клуб не перамагаў у чэмпіянаце. Няшмат было надзей і на перамогу сіня-белых у Наваполацку, куды каманда адправілася ў суботу, 22-га верасня. "Нафтан", насуперак чаканням некаторых футбольных экспертаў, аказаўся вельмі далёкі ад змагання за выхад у Найвышэйшую лігу, але ўсё адно лічыўся фаварытам гульні. У яго перад матчам было на 8 пунктаў больш за "Оршу".
Варта аддаць належнае камандзе Сяргея Вехцева, у Наваполацку яна гуляла не так бязвольна, як тыднем таму дома з камандай з Жыткавічаў. Футбалісты, якія выйшлі на поле ў белых футболках, біліся на полі, але ўдача адвярнулася ў каманды. Істотна дапамог захаваць інтрыгу да самага канца сустрэчы брамнік аршанцаў Садоўскі. У адным з эпізодаў ён у галавазломным скачку на лініі брамы дастаў мяч, пасланы "парашутам" з фланга пад далёкую штангу. На жаль, усіх намаганняў у атацы аказалася недастаткова, аршанцы некалькі разоў прамахнуліся з вельмі выгадных пазіцый. Гол былога футбаліста "Оршы" Азама Раджабава на 43-й хвіліне так і застаўся адзіным у матчы. Перамога "Нафтана" 1:0.
"Орша" пакуль захавала 12-е месца ў табліцы, але па набраных балах сіня-белых ужо дагнала пінская "Хваля". Турнірная табліца з суполкі "Первая лига" у сацыяльнай сетцы.