Тур з парадкавым нумарам 24 у беларускай Першай лізе прынёс сенсацыю. І прыемна адзначыць, што сенсацыю засведчыла аршанская каманда, у якую перасталі верыць. Сіня-белыя на Гарадскім стадыёне прынялі бабруйскую"Белшыну", у якой ніколі не выйгравалі за час незалежнай Беларусі. Але цяпер такі час настаў. Хаця гульня праходзіла не так лёгка для "Оршы", што і было прадказальна.
На 26-й хвіліне гулец "Белшыны" Кірыл Сідарэнка абышоў Зямко і прабіў Садоўскага. Хто б мог падумаць, што для "Белшыны", якая вядзе змаганне за выхад у Вышэйшую лігу, гэта будзе адзіны гол у паядынку з аўтсайдэрам. Дзяніс Садоўскі далей некалькі разоў выратуе каманду, а таксама ў матчы будзе перыяд, калі аршанцы завалодаюць перавагай і будуць прэтэндаваць на галы самі.
І самае цікавае, што забіць удалося яшчэ да перапынку. Абаронца бабруйчанаў неабачліва згуляў рукой у сваёй штрафной, арбітр Русакоў з Менску паставіў пенальці - Максім Грачыха забівае і 1:1. А ў другім тайме на 64-й хвіліне сіня-белыя стварылі шэдэўр. Зацяжная атака завяршылася дзвюма бліскучымі дзеяннямі — Яўген Зямко прабіў праз сябе, а Дзмітрый Іваноў падставіў пад мяч галаву, ды так, што напампаваная сфера "запарашуціла" за спіну брамніка "Белшыны" Максіма Шышлова. У астатнія хвіліны атакавалі абедзьве каманды, "Белшына" крыху болей, але рэальных момантаў забіць ні ў каго амаль не было. Перамога "Оршы" 2:1! Гэта першая перамога клуба пры трэнерстве Сяргея Вехцева і першая вікторыя з 30 чэрвеня. За тры месяцы! Ну а "Белшыне" параза ў Оршы сур'ёзна ўскладняе барацьбу за месца ў элітным дывізіёне.
Відэаагляд ад сайту "Белшыны".