Аршанцы пасля сенсацыйнай перамогі над "Белшынай" сустрэліся ў 25-м туры з яшчэ адным лідэрам. Аднак матч з "Лідай" аказаўся для сіня-белых няўдалым. Каманда здзяйсняла "набегі" на браму гаспадароў поля, але забіць так і не змагла. А "Ліда", хоць і змарнавала нямала момантаў, усё ж дамаглася свайго. Прычым аршанцы зноў паказалі, што ў каманды неідэальная фізічная і псіхалагічная падрыхтоўка - чарговы раз "Орша" прапусціла мяч у канцы тайму, на гэты раз першага. На 40-й хвіліне Леановіч з перадачы Лясюка адкрыў лік. У другім тайме толькі майстэрства Садоўскага да пары ратавала "Оршу" ад прапушчанага голу, але на 81-й хвіліне Шыдлоўскі з перадачы Зыля падвоіў лік. Пасля гэтага рэальных шанцаў выратаваць матч і здабыць хаця б нічыю ў сіня-белых ужо не было.
Пасля гульні галоўны трэнер "Ліды" Сяргей Саладоўнікаў адзначыў, што нягледзячы на лік 2:0, перамога была "на тоненькага", і ён задаволены, што "Ліда" нават у адсутнасць некаторых футбалістаў з-за траўмаў здолела перамагчы і працягнуць гонку за месца ў Вышэйшай лізе.
Аршанцы пацярпелі 15-ю паразу ў чэмпіянаце і ідуць на 12-й пазіцыі. Часцей у гэтым сезоне ў чэмпіянаце 1-й лігі прайграваў толькі абсалютны аўтсайдэр дывізіёну - "Чысць", 16 разоў.