Пяты тур Вышэйшай лігі беларускага міні-футболу падорыць нам знакавае супрацьстаянне "Вітэна" з ВРЗ. Прычым нарэшце ў гэтую суботу не збягаюцца футбольны і міні-футбольны матчы. Футбольная "Орша" прыме "Баранавічы" а 15-й гадзіне, а вось міні-футбольны паядынак пачнецца а 13:00. Гомельскі ВРЗ моцная каманда, якая і ў гэтым сезоне прэтэндуе на медалі.
Матчы з ёй даюцца аршанцам няпроста. Менавіта ВРЗ не пусціў "Вітэн" да залатых медалёў у мінулым сезоне, калі двойчы абыграў яго ў паўфінале плэй-оф 4:1 і 4:3.
На дадзены момант у табліцы "Вітэн" займае 1-е месца, адзіным з клубаў маючы 10 пунктаў. На рахунку ВРЗ 9 і яны, паводле дадатковых паказчыкаў, на 3-м радку.
Матч пройдзе ў спартовым комплексе "Алімпіец" у Оршы, пачатак а 13:00.