У суботу аршанцы прымалі на сваім полі перадапошнюю каманду чэмпіянату "Баранавічы". Перад турам сіня-белыя апярэджвалі свайго даўняга суперніка на 8 балаў. Аднак на матч аршанцы выйшлі без належнага настрою, Сяргею Вехцеву не ўдалося даць камандзе неабходную матывацыю для барацьбы на ўсіх участках поля. "Баранавічы" наадварот выйшлі на Гарадскі стадыён Оршы ў настроі змагацца. І свайго дабіліся.
Але спачатку пра арганізацыю матчу. Арбітр Антон Лашук з Маладзечны дазволіў паядынку пачацца без машыны пажарных, яна пад'ехала на стадыён толькі па ходу сустрэчы, бліжэй да другога тайму.
Асноўныя падзеі паядынку выпалі на 2-гі тайм. На 62-й Міраслаў Хлебасолаў, які вярнуўся ў лагер чырвона-сініх, адкрыў лік. Праз пяць хвілін Дзмітрый Іваноў лік на табло зраўняў, але гэта было ненадоўга. Прычым, трэба адзначыць, госці ўжо гулялі без паўабаронцы Сырыська, які быў выдалены з поля за дзве жоўтыя карткі. Аршанцы сталі прапускаць атаку за атакай і,калі б не брамнік Садоўскі, маглі б прайграць і з большым лікам. На 71-й хвіліне аршанцы прывезлі сабе бязглузды пенальці, які рэалізаваў Бяценя, а яшчэ праз дзве хвіліны Антон Сарокін зрабіў лік 3:1 на карысць гасцей. "Баранавічы" заслужылі перамогу і наблізіліся да сваёй сезоннай задачы захаваць месца ў Першай лізе. Аршанцы застаюцца на 12-й пазіцыі, шанц дагнаць ЮАС з Жыткавічаў, які правальвае другі круг, упушчаны.