3-га лістапада ў Балбасава павінен зноў прыехаць прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Ён ужо быў тут у жніўні і тады дасталося многім чыноўнікам і дырэктарам Оршы і Аршанскага раёна. Балбасава напярэдадні візіту стала "пацёмкінскай вёскай", у якой дамы зацяплілі і пафарбавалі толькі з боку галоўнай вуліцы, а ў дварах ніякіх зменаў не адбылося, бо прэзідэнт туды, відавочна, не адправіцца.
А ўжо ў першы дзень лістапада балбасаўскія вуліцы былі запруджаныя дужымі хлопцамі, якія займаліся працай, мэта якой вядомая толькі ім адным і іх начальству. Верагодна, гэта былі сапёры, якія правяралі мясцовасць на бяспеку, каб візіт Лукашэнкі прайшоў спакойна і без інцыдэнтаў. Варта сказаць, што надвор'е ў Балбасава напярэдадні прыезду прэзідэнта не самае лепшае, аднак з-за ягонага хуткага візіту мабілізаваныя ўсе сілы камунальных служачых, якія добраўпарадкоўваюць горад. Такім чынам, можна смела сказаць, што Балбасава ніколі не бывае настолькі спакойным, як перад прыездам Лукашэнкі, у пасёлку і паблізу яго сканцэнтраваныя цэлыя групы сілавікоў, якія сочаць за парадкам.