У 29-м туры футбольны клуб "Орша" правёў апошні матч на сваім полі ў бягучым чэмпіянаце. Аршанцы прымалі светлагорскі "Хімік", які апярэджваў сіня-белых на 5 пунктаў. Ужо на старце гульні аршанцы яскрава пазначылі сваю перавагу, а ўжо на 16-й хвіліне выразілі яе голам. Лік адкрыў Аляксандр Дзегцераў. Праз дзве хвіліны "Орша" падвоіла лік, на гэты раз здарыўся аўтагол. Пасля ўдару Глеба Жалезнікава мяч у свае вароты скіраваў Шупляк.
Варта адзначыць два моманты. На Гарадскім стадыёне зламалася інфармацыйнае табло. Ніжняя частка напалову нічога не паказвае, а напалову ўводзіць гледачоў у зман. Цэлы матч пасля другога голу аршанцаў (а лік захаваўся такім да канца паядынку) табло паказвала хутчэй 3:0, а не рэальны лік 2:0. Хочацца верыць, за зіму дырэкцыя стадыёна здолее пачыніць табло. Другі момант наведвальнасць. На трыбунах ўпершыню за многія гады было менш за сотню гледачоў, але ў афіцыйны пратакол судзейская брыгада на чале з Уладзіславам Галадухіным з Берасця запісала 200 чалавек.
Па матчы ж Максім Грачыха на 32-й хвіліне не рэалізаваў пенальці, а ў "Хіміка" асноўныя галявыя моманты ўзнікаліў другім тайме, аднак забіць светлагорцам не ўдалося. Ува многім з-за Дзяніса Садоўскага, які некалькі разоў ратаваў "ільняных" ад голу.
У апошнім туры 10-га лістапада "Орша" згуляе ў Мазыры са "Славіяй". Супернік ужо забяспечыў сабе месца ў Найвышэйшай лізе на сезон-2019. За ўвесь сезон "Славія" не пацярпела ніводнай (!) паразы. Нават вылет з Кубка Беларусі адбыўся толькі па пенальці ад "Белшыны", у гульнявы час была нічыя.