Неўзабаве стартуе чарговы розыгрыш Кубка Беларусі па міні-футболе. У ім зноў прымуць удзел аршанскія "Вітэн" (дзеючы ўладальнік Кубка) і "Спорт-Вэй". Летась яны сустракаліся ў аршанскім дэрбі, з перамогі ў якім "Вітэн" і пачаў сваё трыўмфальнае шэсце. Цяпер яны стартуюць з розных этапаў. "Спорт-Вэй" 29-га снежня ў матчы 1/16 фіналу прыме на сваёй пляцоўцы менскі клуб "Тэрыторыя".
"Вітэн" стартуе ў Кубку 9-га студзеня са стадыі 1/8 фіналу. Гэты дзень чырвона-чорныя дакладна правядуць у Менску, але хто са сталічных клубаў — "Друк-С" ці "Белінвестбанк" будзе яго супернікам — пакуль невядома.
А "Спорт-Вэй" ў выпадку выхаду ў 1/8 памерыцца сіламі з пераможцам пары Нафтапрадукт (Ліда) / УУС-Дынама (Гародня). У выпадку паспяховага праходжання дыстанцыі аршанскія дэрбі адбудуцца ў паўфінале 13 і 16 студзеня.