Паўза ў календары вельмі дарэчы прыйшлася для аршанскага "Вітэна". Лазарэт энергетыкаў практычна апусцеў і каманда практычна ў поўным складзе рыхтуецца да паядынку з "Гранітам". Паўнавартасна аднавіўся і капітан Аляксандр Мароз. Пад пытаннем удзел у матчы толькі Антона Гусакова. Плюс дадатковая матывацыя ў гэтым паядынку будзе ў Арцёма Козела і Аляксандра Белага. Напярэдадні стала вядома, што гэтыя футбалісты выкліканыя ў лагер нацыянальнай зборнай краіны на таварыскія паядынкі з камандай Ізраіля. Асабліва адзначым дзеянні ў апошніх сустрэчах Аляксандра. Дзякуючы сваім галявым поспехам, ён дагнаў ў спісе лепшых снайпераў каманды Антона Гусакова.
Што да гасцей, то цяпер "Граніт" на ўсю моц вядзе барацьбу за плэй-офаўскую васьмёрку. Каманда з Мікашэвічаў напярэдадні ваяжу ў Оршу правяла два няпростыя паядынкі з прамымі канкурэнтамі. Да гонару паўднёвай каманды ў гэтых гульнях яны дамагліся мінімальных перамог над двума дынамаўскімі калектывамі, паведамляе афіцыйны сайт "Вітэна". Варта адзначыць і нічыю са "Сталіцай". Такім чынам, бяспройгрышная серыя "Граніту" складае ўжо тры матчы запар.
"Вітэн" і зусім адзіны ў гэтым чэмпіянаце, хто не ведае горычы паразаў. Чыя серыя перапыніцца ў гэтым матчы - даведаемся з суботняй гульні. Яе пачатак у 15-00 у "Алімпійцы". Абслужыць гэты паядынак судзейская брыгада Валерыя Кунцэвіча з Ратамкі і менчука Андрэя Дубіцкага. Інспектар: Анатоль Краўцоў (Менск).