Сезон 2018 году не стаў паспяховым для "Оршы". Каманда рана выбыла з розыгрыша Кубка краіны, а ў чэмпіянаце ў І лізе заняла 12-е месца сярод 15 каманд. Але былі ў сіня-белых і яскравыя матчы ў сезоне, і футбалісты, якія здолелі правесьці матчы на высокім узроўні. Фанаты "Оршы" зладзілі галасаванне за найлепшага гульца сезону, якое выйграў брамнік каманды Дзяніс Садоўскі. За няпоўныя чатыры месяцы выступленняў за клуб брамнік, які прыйшоў у арэнду з салігорскага "Шахцёра", паспеў стаць адным з улюбёных футбалістаў у аршанскай публікі. У галасаванні Садоўскі набраў амаль 46%.
Калі ўжо будаваць нейкія планы, завалодваць сваімі марамі, тады рашымся на сьмелую заяву — з Дзянісам Садоўскім у складзе можна было б ставіць задачу выхаду ў Найвышэйшую лігу. Але паколькі нічога ў Воршы не паказвае на тое, што перад ФКО ў бліжэйшыя гадоў пяць будзе пастаўленая падобная задача, ня варта і перажываць, што вядучыя футбалісты пакідаюць каманду. Яны ня бачаць вялікіх перспектываў на дне табліцы І лігі, а таму пераходзяць у іншыя клубы. А мы адкінем сумныя разважаньні і павіншуем Дзяніса Садоўскага зь перамогай у нашым галасаваньні! Пасьпяховай кар'еры і радасьці ад таго, што робіш, Дзяніс! А калі раптам выпадзе новы пераяд выступленьня за "Старт", трыбуны гучна павітаюць цябе, пішуць фанаты ў сваім блогу.
Звяртае на сябе ўвагу ўзрост галкіпера. Садоўскаму ўсяго 21 год. Ужо даўно найлепшымі футбалістамі "Оршы" не прызнаваліся такія маладыя гульцы.
У 2017 найлепшым футбалістам ФК "Орша" быў прызнаны Аляксей Хадневіч. Ён выйграў галасаванне ва ўпартай барацьбе з Дзмітрыем Жданком. Узімку абодва лідэры "Оршы" перайшлі ў менскія "Крумкачы", дзе таксама сталі вядучымі футбалістамі і дапамаглі сталічнай камандзе падняцца з ІІ у І лігу, дзе якраз выступае іх папярэдняя каманда.