Працягваецца чэмпіянат Беларусі па валейболу сярод мужчынскіх каманд дывізіёну Б. Аршанскі "Узлёт" прымаў на сваёй пляцоўцы ў спартовым комплексе па вуліцы Якубоўскага супернікаў з пастаўскага "Атланта". Аршанцы аказаліся мацней за суперніка ў першым матчы 3:0 (25:17 25:16 25:13), перамога аказалася больш чым упэўненай, а затым аршанцы абыгралі свайго суседа па табліцы з тым жа лікам, самай упартай аказалася апошняя партыя, дзе барацьба ішла да канца — 25:17 25:12 25:22 па сэтах.
Такім чынам, дзве перамогі дазволілі "Узлёту" набраць 27 пунктаў і падняцца на 3-е месца ў табліцы. На 2 меней мае якраз "Атлант", які, зрэшты, мае яшчэ і 2 матчы ў запасе. На 2-й пазіцыі "Энергія-2" з 32 пунктамі, а вось лідэрству "Бумпрома" цяпер дакладна нішто не пагражае, каманда мае 51 бал, выйграўшы ўсе 18 паядынкаў чэмпіянату. Дарэчы, адабраць пункты ў гамельчукоў дагэтуль удалося толькі "Узлёту", які тры матчы з чатырох прайграў лідэрам з лікам 2:3.