Футбольны клуб "Орша" — ледзь не апошні клуб Першай лігі, які не меў уласнага клубнага сайту. Летась была спроба стварыць яго, але ён пратрымаўся некалькі месяцаў, быў не надта зручным у карыстанні і не вельмі інфарматыўным. Пасля адстаўкі з клуба трэнера Вячаслава Акшаева сайт адразу ж быў адключаны.
Сёлета сайт створаны наноў — fc-orsha.com. Ён куды больш якасны па знешнім выглядзе, значна больш зручны у карыстанні, на ім ёсць асобны раздзел "Гісторыя". На момант публікацыі дадзенага матэрыялу пакуль не запоўнены раздзел "Каманда", аднак нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо пакуль каманда толькі рыхтуецца да старту сезону і яе склад канчаткова не вызначаны. З мінусаў можна адзначыць адрас электроннай пошты — [email protected]. Даўно дзяржаўным органам і арганізацыям (а футбольны клуб "Орша" падтрымліваецца менавіта гарадскім бюджэтам) строга рэкамендавана мець адрасы ў даменнай зоне BY. Сайт аднаго з найстарэйшых існуючых клубаў Беларусі (1951 год), на жаль, аформлены толькі на другой дзяржаўнай мове, а першай — беларускай мовы — на старонцы пакуль зусім няма. Таксама мінусам можна назваць празрысты верх клубнай эмблемы, хаця там мае быць белы колер. Але, думаецца, гэтыя недахопы будуць неўзабаве выпраўлены. Безумоўны плюс інтэрнэт-старонкі — яе яркасць, зразумеласць, прысутнасць старых фотаздымкаў, што адразу паказвае доўгую гісторыю клуба, а не яго "аднадзённасць".
Пакуль "Орша" гуляе таварыскія паядынкі, напярэдадні каманда была разгромлена клубам "Красны-СГАФКСТ" са Смаленскай вобласці 0:4. 13-га красавіка стартуюць афіцыйныя матчы, у першым туры аршанцы згуляюць у Менску з НФК. Тады і варта чакаць вялікай колькасці навін на сайце ФК "Орша".
Раней крыніцай навінаў пра клуб быў выключна блог фанатаў "Оршы" і шэраг айчынных сайтаў аб спорце.