Стартаваў сезон у Першай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. Футбольны клуб "Орша" распачаў сезон выязным матчам з менскім клубам НФК (экс-"Крумкачы"). Першага голу ў сезоне прыхільнікі сіня-белых не чакалі і 20 хвілін. Ужо на 17-й Дзмітрый Іваноў адкрыў лік. А на 36-й і 43-й хвілінах ён забіў яшчэ і ў выніку аформіў класічны хэт-трык — тры мячы за адзін тайм і з гульні. Яшчэ трэба адзначыць пенальці, прызначаны ў браму аршанцаў на 26-й хвіліне. Дзмітрый Пархачоў, які быў чэмпіёнам Беларусі ў далёкім 2004 годзе ў складзе менскага "Дынама", не здолеў з 11-метровай пазнакі перагуляць Дзмітрыя Харытонава. У другім тайме прэсінг НФК стаў больш сур'ёзным, аршанцы ж пад канец гульні зусім адкаціліся назад. Былы футбаліст "Оршы" Ілля Трачынскі, які зараз выступае за "НФК", забіў два мячы дзякуючы няўдалым рыкашэтам ад футбалістаў "Оршы". Але на большае гаспадароў не хапіла. Перамога "Оршы" 3:2!
Эпізод з незабітым пенальці