У 2018 годзе ў Оршы была адметная гістарычная дата — 100 гадоў з часу правядзення першага матчу ў нашым горадзе. Orsha.eu паведамляў пра тое, хто гуляў у першым футбольным матчы ў Оршы, а таксама пра выпуск унікальных паштовак да юбілею, якія выдалі фанаты футбольнага клуба "Орша".
Цяпер 100-годдзе аршанскага футболу вырашана ўрачыста адсвяткаваць і на афіцыйным узроўні. На 18-га траўня на Гарадскім стадыёне запланавана буйное футбольнае свята, якое пачнецца аб 11-й гадзіне і ўбярэ ў сябе матчы ветэранаў "Старта" і "Тэмпа". А завершыцца свята матчам 6-га туру Першай лігі чэмпіянату Беларусі паміж "Оршай" і "Баранавічамі", які пачнецца а 18-й гадзіне.