У суботу, 25-га траўня футбольны клуб "Орша" правядзе чарговы паядынак чэмпіянату Беларусі ў Першай лізе. Сіня-белыя адправяцца ў Светлагорск на стадыён "Хімік", каб сустрэцца з мясцовай аднаіменнай камандай. Аршанцы пакуль ідуць на 9-й пазіцыі, маючы на рахунку 7 пунктаў. Адставанне ад лідзіруючага дуэту (а ў Вышэйшую лігу выходзяць дзве каманды) складае ўжо 6 пунктаў. Матч з "Хімікам" пачнецца а 17-й гадзіне.
Нагадаем, што на мінулым тыдні "Орша" правяла першы хатні матч у сезоне. Здарылася гэта толькі ў 7-м туры. Аршанцы не здолелі перагуляць "Баранавічы", якія няўдала пачалі чэмпіянат, нічыя 0:0. У гэты дзень адзначалася 100-годдзе аршанскага футболу. Выхаванцы ДзЮСШ № 2 перамаглі каманду ветэранаў звыш 60 гадоў 3:2, а ветэраны аршанскага футболу ўзростам у 45 гадоў і вышэй перамаглі зборную ветэранаў беларускага футболу 1:0.