Пачалася паўфінальная серыя чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Аршанскаму "Вітэну" на дадзенай стадыі супрацьстаіць менская "Сталіца". Першы паядынак серыі да дзвюх перамог прыняла Орша. У спартовым комплексе "Алімпіец" разгарнуліся такія падзеі, што гледачы да канца не ведалі, хто ж пераможа.
Ужо на самым пачатку другой хвіліны матчу Грыцына вывеў "Сталіцу" наперад, потым цудоўны адрэзак правёў Каралішын, які спачатку асіставаў Рагавіку з аўту, а потым сам забіў са штрафнога. Лік 0:3, і параза "Вітэна"? Зусім не! На 15-й хвіліне Пятроў скарачае разрыў. А ў канцы першай паловы адбываецца перастрэлка, пры гэтым каманды рэалізоўваюць большасць сваіх ключавых момантаў. Спачатку Іваноў з перадачы Гусакова скарачае лік да мінімуму за паўтары хвіліны да перапынку. За 21 секунду да канца Лазюк зноў робіць "+2" на карысць "Сталіцы". Аднак усяго праз 9 секунд (!!!) Гусакоў з пасу Пятрова перакрывае "зялёна-белым" бурную радасць. 3:4 пасля першага тайму, і яшчэ нічога не вырашана.
У другім тайме аршанцы здолелі не толькі зраўняць лік, але і вырваць перамогу. На 29-й хвіліне вызначыўся Клачко з перадачы Іванова, а за 3,5 хвіліны да канца Чарніенка з кутнага аддаў пас на Мажэйку, і той вырашыў лёс сустрэчы на карысць "Вітэна" — 5:4!
Прэс-служба "Вітэна" падрыхтавала відэа ключавых момантаў матчу і забітых галоў. Аршанцы павялі ў серыі 1-0.
Другі паядынак паўфінальнай серыі адбудзецца ў Менску 30-га траўня. Пачатак а 19:00.