У 8-м туры нацыянальнага першынства ў Першай лізе аршанцы на Гарадскім стадыёне прымалі "Слонім". Матчы з гэтым супернікам часта не ўдаюцца аршанцам, але так не было на гэты раз. Сіня-белыя стартавалі бадзёра, ужо на 5-й хвіліне Дзьмітрый Іваноў адкрыў лік. У далейшым ля брамаў Дзьмітрыя Харытонава і слонімскага галкіпера не аднойчы ўзнікалі небяспечныя моманты, асабліва плённым у гэтым плане стаў другі тайм, калі некалькі разоў да поспеху былі блізкімі слонімцы, аднойчы нават забілі, але са становішча па-за гульнёй, і аршанцы, якія аднойчы прабілі ў папярэчыну, ну і брамнік каманды гасцей Дзьмітрый Сай выратаваў у цяжкіх сітуацыях.
На 70-й хвіліне за другое грубае парушэнне правілаў гульні чырвоную картку ўбачыў перад сабой абаронца слонімцаў Марк Усовіч. У далейшым супернікі мелі яшчэ некалькі момантаў для ўзяцця брамы, якія можна было б лічыць вартымі, аднак вызначыцца нікому больш не ўдалося. "Орша" паднялася на 8-е месца ў табліцы, а Дзьмітрый Іваноў у кампаніі з яшчэ чатырма футбалістамі з 5 мячамі лідзіруе ў спісе бамбардзіраў дывізіёну.