У 1/32 фіналу аршанцы мусілі сустрэцца ў Клецку з мясцовай камандай, якая выступае ў 2-й лізе і займае там апошняе месца. Перад гульнёй прайшла інфармацыя, што «Клецк» здымаецца з чэмпіянату, гэта пацвердзілі трэнер і некаторыя гульцы клуба. Кубкавы матч быў пад пагрозай зрыву, але менш чым за суткі да пачатку яго ўсё ж прызначылі. Да апошняга моманту захоўвалася невядомасць, ці прыедуць на матч самі футбалісты «Клецка», сярод якіх няма мясцовых гульцоў. Каманда гаспадароў з’явілася толькі за 17 хвілін да пачатку матчу, паведаміў Тэлеграм-канал прыхільнікаў ФК «Орша». Пры гэтым аршанцы ўжо даўно разміналіся на стадыёне.
Сам матч стаў шокам для ўсіх шанавальнікаў «Оршы». Сіня-белыя вялі 2:0 пасля дакладных стрэлаў Казарэза і Беразуна. Аднак клецкая каманда здолела зраўняць лік і перавесці сустрэчу ў дадатковы час. У ім нікому забіць не ўдалося і пайшла серыя пенальці. На жаль, 11-метровы, не забіты Аляксандрам Кучаравым, вывеў «Клецк» у 1/16 фіналу, мясцовая каманда рэалізавала ўсе пяць спробаў.