Сёння ў праймерыз удзельнічае 5 кандыдатаў: Аляксей Янукевіч - намеснік старшыні Партыі БНФ, Мікалай Казлоў - старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Павал Севярынец - сустрашыня аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Юрый Губарэвіч - кіраўнік "Руху "За свабоду"" і Вольга Кавалькова - сябра БХД, якая ідзе як самастойны кандыдат. Зараз кандыдаты актыўна ездзяць па рэгіёнах, пры чым, як малых - напрыклад, Гарадок, Лепель - так і вялікіх. На праймерыз ці народным галасаванні, ёсць магчымасць пачуць усіх названых палітыкаў ды і іншых, што для Беларусі рэдкая магчымасць, задаць ім свае пытанні. А пасля выступаў прагаласаваць за таго палітыка, які па вашым меркаванні найбольш падыходзіць на статус альтэрнатыўнага Лукашэнку кандыдата. Не малаважна, што для беларусаў гэта яшчэ і магчымасць пабачыць празрысты падлік галасоў, чаго не бывае на сапраўдных выбарах.
Дык вось, кандыдаты прыедуць у Оршу 10 красавіка, сустрэча з аршанцамі ў іх запланаваная на 18-00 і прадоўжацца парадку 3 гадзін, яшчэ паўгадзіны будзе выдзелена на галасаванне. У самім мерапрыемстве можа прыняць удзел любы ахвотны, але прагаласаваць можа толькі той хто пражывае ў Аршанскім, Дубровенскім, Талачынскім ці Сененскім раёнах і прыйдзе на сустрэчу з кандыдатамі з пашпартам.
Месца правядзення мерапрыемства пакуль не вядомае, але ўлічваючы, што па іншых гарадах улады не чынілі перашкодаў для правядзення праймерыз, можна чакаць, што гэта будзе нейкае публічнае месца ў цэнтры горада.
У сувязі з набліжаючымся праймерыз, наш сайт пачынае серыю публікацыяў на тэму праймерыз. Кожны дзень мы зможаце бачыць асобныя артыкулы звязаныя з ходам народнага галасавання.