Створаная тэрытарыяльная выбарчая камісія па выбарах прэзідэнта зноў сфармаваная без нечаканасцяў - у яе склад ўвайшлі людзі працуючыя ў бюджэтнай сферы, якія непасрэдна падначальваюцца выканкаму. Прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый - таксама як заўсёды - не ўключылі ў камісіі. Праўда нельга сказаць, што дэмакраты ў гэты раз актыўна вылучаліся. Пасля амаль паўтара дзесяцягоддзя неўключэнняў у камісіі, непасрэдна ад дэмакратычных партыяў і арганізацый ніхто не падаўся.
Такім чынам у галоўную раённую выбарчую камісію ўвайшлі тыя хто і раней ўдзельнічаў у падобных камісіях - нагадаем, што з 1994 года аніводныя беларускія выбары не былі цалкам прызнаныя міжнароднай супольнасцю. Старшынём стаў Мікалай Давідовіч - чыноўнік, які ўжо некалькі разоў узначальвае выбарчыя камісіі. Намесніца - Екацярына Лаўрэнава, упраўляючая справамі выканкаму. Сакратар камісіі - Ларыса Максак. Падобная ж сітуацыя і ў суседніх раёнах.