Першымі легальныя ў выбарчы час пікеты пачалі праводзіць сябры ініцыятыўнаў групы Святланы Ціханоўскай - жонцы блогера "Страна для жизни", які не змог зарэгістраваць ініцыятыўную групу ад свайго імя, бо сядзеў на сутках. У тых гарадах куды Ціханоўскі (як кіраўнік штаба) прыязжае сам, збіраюцца велізарныя чэргі з ахвотных падпісацца. І хаця Сяргей прыедзе ў Оршы яшчэ не хутка, першыя ж пікеты па зборы подпісаў за кандыдата таксама стварылі чаргу. Фармальна першы пікет прайшоў яшчэ 25-га чысла, але выглядаў вельмі сціпла - не было ні століка, ні плакатаў. На наступны дзень сябры ініцыятыўнай групы ў 17-30 паставілі столік, а ўжо каля 17-40 да яго стаяла чарга прыблізна з 20 чалавек. Чарга з рознай колькасцю людзей (ад 10 да 25) была на цэнтральнай плошчы каля помніка Леніну прынамсі да 19 гадзін, толькі пад вечар калі людзей на цэнтральнай плошчы стала мала, чарга таксама пачала змяньшацца.
Хаця Ціханоўскі ўпершыню заявіў пра сябе як пра палітыка, ды і не факт, што будзе здаваць сабраныя подпісы, пратэстныя настроі ў грамадстве відавочна высокія. Проста пад час пікету знайшліся людзі, якія бясплатна далі зборшчыкам стэнд, крышачку пазней таксама цалкам бясплатна з'явіліся і плакаты з назвай ю-туб канала Ціханоўскага.
Сябры ініцыятыўнай групы плануюць кожны дзень выстаўляць пікеты каля помніка Леніна з 17 да 20 гадзін. А ў нядзелю 31 чысла да гэтага пікету плануюць далучыцца і сябры іншых ініцыятыўных групаў ды дэмакратычных арганізацый, каб не толькі збіраць подпісы, але і "карміць галубоў", выставіць плакаты ды інш.