Дубровенскі актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі атрымаў павестку ў суд 23 чэрвеня разам з візітам міліцыянтаў да сябе да хаты. Адразу з хаты Міхаіла і павялі судзіць.
Як высветлілася ў Дубровенскім судзе, вінавацяць Міхаіла зноў ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Канкрэтна ў апошнім пікеце які прайшоў у Оршы 19 чэрвеня і пазней атрымаў назву "Ланцуг салідарнасці". У гэты дзень больш за 50 аршанцаў выстраіліся ланцугом уздоўж цэнтральнай плошчы ў падтрымку арыштаваных палітыкаў і прастаялі так да ночы.
Міхаіл не адмаўляў сваёй прысутнасці ў гэты дзень у Оршы на палошчы, але спрабаваў патлумачыць суду, што ўдзелу ў акцыі не прымаў. Ён ехаў з Мінску дамоў і спыніўся ў Оршы, каб жонка магла зайсці ў краму. Пакуль яна хадзіла па сваіх справах, Міхаіл падыйшоў да ланцуга, каб павітацца са знаёмымі, увесь "удзел" заняў каля 15 хвілін. Але суд палічыў, што віна даказаная і асудзіў Міхаіла на 13 сутак арышту, які ён будзе адбываць у Аршанскім ІЧУ.
Міхаіл стаў другім чалавекам якога затрымалі за пікет салідарнасці. На самім пікеце быў затрыманы жыхар Барані, які правёў у ІЧУ ўсе выходныя, а ў панядзелак асуджаны на 5 сутак і тут жа адпушчаны.