На гэтым тыдні райвыканкамі сфармавалі участковыя выбарчыя камісіі — менавіта тыя камісіі, якія і будуць лічыць галасы выбарцаў. Тое, што іншадумцаў у камісіі не бяруць у прынцыпе ўсе ўжо прывыклі і на многае не разлічвалі, але на гэты раз не ўзялі не толькі тых хто вылучаўся ад партыяў, але і тых хто вылучаўся шляхам збора подпісаў выбаршчыкаў.
У гэты раз з дэмакратычных арганізацый найбольш сваіх прадстаўнікоў па Аршанскім раёне вылучыла Аб’яднаная грамадзянская партыя і ажыўшая апошнім часам Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада. Ад выбаршчыкаў павылучаліся сябры АГП, сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі. Яшчэ два чалавекі вылучыліся ад дэмакратычных грамадскіх арганізацый. Карацей, конкурс быў, выбіраць было з каго, але вынік атрымаўся горшы чым у папярэднія гады.
На ранейшыя выбары для бачнасці дэмакратычнасці працэсу, у камісіі прапускалі адзінкавых прадстаўнікоў партыяў. На гэты раз камісіі атрымаліся цалкам стырыльныя і сфармаваныя ў пераважнай большасці з бюджэтнікаў, якія фінансава залежаць ад выканкаму. А для бачнасці дэмакратыі, улады самі павылучалі ў кожную камісію па адным лішнім чалавеку, супраць якога і галасавалі амаль аднагалосна.
Гэта можа абазначаць, што не зважаючы на ўсе абяцанні і на гэтых выбарах рэальна лічыць галасы зноў не будуць.