Пасля збору подпісаў раённыя выбарчыя камісіі маюць час на іх праверку. Але назіральнікі дапускаюцца толькі на паседжанні камісіі, якія адбіраюць подпісы і потым зацверджваюць вынікі праверкі. Працэс самой праверкі не бачыць ніхто акрамя сябраў камісіі. Таму не дзіўна, што выбарчыя камісіі па большай частцы краіны забракавалі подпісы за самых моцных кандыдатаў, якія ў сваіх штабах стварылі шматузроўневую сістэму самаправеркі.
Аршанская камісія не стала выключэннем - забракаваныя подпісы за Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. За Цапкалу з усіх правераных было выяўлена 16,4% несапраўдных подпісаў, што дастаткова каб прызнаць усе аршанскія подпісы несапраўднымі. За Бабарыку таксама не сапраўднымі прызналі больш за 15%. Затое за Чэрачэня, які па Оршы паставіў рэкорд гэтых выбараў подпісы прызналі сапраўднымі пасля паўторнай праверкі. Агулам праблемных подпісаў у яго выявілі 14,4% - зусім крыху не хапіла, каб забракаваць усе здадзеныя каля 6.000 подпісаў. Самыя чыстыя подпісы аказаліся ў Святланы Ціханоўскай - усяго два забракаваныя. І ў Лукашэнку - у яго траыцыйна несапраўдных подпісаў амаль не выяўляюць, на гэты раз у яго знайшлі 24 подпісы якія не пайшлі ў агульны залік.