Хаця на гэтых выбарах ажно 5 кандыдатаў, непасрэдна сустракаюцца з выбарцамі толькі двое з іх: Святлана Ціханоўская на вулічных мітынгах і Андрэй Дзмітрыеў у памяшканнях.
У пятніцу 31 ліпеня з аршанцамі сустрэўся Андрэй Дзмітрыеў. Сустрэча праходзіла ў сціплым памяшканні актавай залі СШ №17. Людзей прыйшло трохі больш за 30 чалавек, можа бліжэй да 40 і для такой залі было адчуванне, што яна амаль запоўненая. Прыёшлі паслухаць і сябры выбарчых камісіяў, якія не проста назіралі, але з відавочнай цікавасцю слухалі Дзмітрыева.
Калі Ціханоўская на сваіх сустрэчах шмат гаворыць пра палітыку, то Дзмітрыеў найбольш гаварыў пра эканоміку, сыплючы лічбамі і шмат распавядаючы пра свае карысныя знаёмствы з вядомымі на ўвесь свет палітыкамі ды эканамістамі.
Дзмітрыеў каротка выступіў перад прысутнамі і хутка перайшоў да пытанняў з залі. Адказваў на пытанні ён вельмі пераканаўча. Паспрабуем тэзісна перадаць тое пра што казаў кандыдат: Беларусі давядзецца быць нейтральнай краінай - ні ў Еўразвяз, ні ў НАТА ўстапаць не варта, бо залежнасць ад Расіі будзе эканамічна захоўвацца, а ў Еўразвяз трэба было ўступаць гадоў 20 таму - цяпер гэта не актуальна. З іншага боку эканамічныя пагадненні, якія падпісаныя з усходнімі партнёрамі таксама могуць быць выгоднымі і з іх не варта выходзіць. Галоўная эканамічная праблема краіны ні газ і нафта - залежнасць ад іх можна зменьшыць - а міжнародныя пазыкі. Міжнародныя пазыкі аддаваць давядзецца ў любым выпадку хто б не стаў прэзідэнтам, але браць пазыкі не страшна, важна куды іх траціць. Сёняшняя ўлада крэдыты траціла не правільна. Суверэнітэт - важнае дасягненне. Калі аб'яднацца з Расіяй, то дзецям давядзецца служыць занадта далёка і ўдзельнічаць у войнах. У Расіі рэгулярна будуць успыхваць лакальныя ўзброеныя канфлікты і суверэнітэт Беларусі - гарантыя нашага няўдзелу ў войнах.