Чацьверты дзень пратэстаў і ў Оршы, і па ўсёй краіне распачаўся яшчэ днём. Пасля таго як у Мінску на вуліцы выйшлі жанчыны, у Оршы таксама пачалася самаарганізацыя маладых дзяўчын. 8 маладых дзяўчын выйшлі да помніка ў цэнтры горада, каб выказаць свой пратэст і заклікаць сілавікоў спыніць гвалт, але акцыя не надта ўдалася. Вельмі хутка прыехала міліцыя і дзяўчынаў затрымалі. У міліцыі з імі правялі размову і адпусцілі, але некаторыя адзначаюць, што дзяўчынаў затрымлівалі ўсё хапалі даволі жорстка і пасля вызвалення паказалі фота сінякоў на руках.
Каля суда і ІЧУ з раніцы зноў сабраліся родзічы чакаць судоў, але затрыманых за дзень да таго прывезлі ў суд толькі пасля абеду — сістэма не спраўляецца з такой колькасцю пратэстоўцаў. У гэты ж час праваабарончы цэнтар Вясна выставіў да суда сваіх валанцёраў, якія фармавалі спіс пацярпелых, бо міліцыя дадзеныя затрыманых спрабуе хаваць. На дзіва, на гэты раз штрафы давалі не толькі дзяўчынам, але і маладым хлопцам. Тыя хто былі вызваленыя са штрафамі пазней распавялі нашым журналістам пра жорсткасць міліцыянтаў і тое што адбываецца ў самім ІЧУ. Артыкул пра гэта чытайце пазней на нашым сайце.
Міліцыянты пачалі забараняць аўтамабілістам спыняцца ў асобных месцах горада. Так, на вакзале цяпер міліцыянты забараняюць аўтамабілям стаяць на паркоўцы больш за 5 хвілін. А паркоўка таксі ў цэнтры цяпер зачыненая з
Пад вечар зноў распачаліся затрыманні. Нам даслалі відэа як каля 8 міліцыянтаў затрымалі дваіх маладых людзей з бел-чырвона-белым сцягам каля калегіюма. Пратэстуючыя якія збіраюцца ў цэнтры Оршы ўжо не спрабуюць аб’яднацца ў групы. Гэта такі вельмі спакойны маўклівы пратэст, але міліцыю гэта не спыняе. чым цямней становіцца ў горадзе, тым больш затрымліваюць людзей. Большасць з затрыманых выпадковыя прахожыя, бо пратэстуючыя сыходзяць яшчэ ў светлы час. Жорсткія затрыманні пры гэтым геаграфічна распаўсюджваюцца. На гэты раз людзей хапалі каля «Кацюшы», каля былога піўзавода. А міліцэйскія патрулі — не меньш чым 5 чалавек — хадзілі і па Чаромушках, прывакзальных раёнах і, нават, на Замосці. На мосце паміж Усходняй і Цэнтрам был затрыманы мужчына, які праважаў дахаты маці. Пры затрыманні яму зламалі руку.
Але ж баяцца і міліцыянты. наколькі нам вядома супрацоўнікі міліцыі ці то па рэкамендацыі, ці то па ўласнай ініцыятыве перасталі раз’язжацца са службы паасобку — цяпер яны ездзяць або на ўласных машынах, набіраючы яе цалкам і развозячы адно аднаго па хатах, або на таксі.