Сёмы дзень у Оршы і суседніх раёнах працягваюцца акцыі пратэсту. Цяпер асноўная акцыя праходзіць днём на цэнтральнай плошчы з якой міліцыя зняла турнікеты.
Акцыі нагадваюць агульнагарадское свята, толькі з велізарным народным адзінствам. Так, АМГА «Звяз» на гэты раз арганізавала стол для пратэстуючых куды прынесла ваду і ежу, ужо праз гадзіну сюды ж пачалі несці ваду і іншыя людзі. У выніку і вады, і ежы сабралося не проста ў дастатковай колькасці, але, нават, залішне. Работнікі адной з суседніх крамаў сабралі грошы і набылі пратэстуючым вафлі. Адзін з удзельнікаў акцыі набыў школьную крэйду і раздаў на плошчы, пасля гэтага дзеці ўчынілі натуральны фестываль дзіцячага палітычнага малюнка на асфальце. Многія людзі прыходзілі на мітынг на некаторы час і потым сыходзілі на працу ці па справах. Калі палічыць і такіх людзей, то агулам у акцыі прыняло ўдзел аніяк не меньш 5 тысяч чалавек. На піку на ўчорашняй акцыі было парадку 1500 — 2000 чалавек. Каля 17 гадзін пратэстоўцы выйшлі з плошчы і пайшлі да выканкаму. Але гэта не было патрабаванне сустрэчы з чынавецтвам, а, хутчэй дэманстрацыя колькасці — пратэстоўцы літаральна паўхвіліны пастаялі насупраць выканкаму з крыкамі «не забудзем, не даруем». Далей калона рушыла па цэнтры і вярнулася зноў на плошчу. Каля 18 гадзін людзі пачалі паступова разыходзіцца.
Зноў на акцыі прысутнічалі музыкі, на гэты раз такую функцыю ўзяў на сябе Сяржук Доўгушаў. Адрозненне гэтага дня пратэстаў у тым, што на акцыю выйшлі людзі сярэдняга ўзросту — першыя дні выходзілі пераважна моладзь і пенсіянеры, цяпер пайшлі рабочыя.
Працягваюцца і лакальныя акцыі пратэсту: над «Царскім сялом» у абед лётаў паветраны змей з бел-чырвона-белым сцягам, па горадзе ў розных месцах з’яўляюцца сцягі, плакаты, графіці.
Пратэсты разрастаюцца і па суседніх гарадках. Так, невядомыя ў Арэхаўску вывесілі на ваданапорнай вежы — найвышэйшая кропка ў мястэчку — нацыянальны сцяг. Пратэсты распачаліся і ў Талачыне, які раней ніколі ў гісторыі не выходзіў на акцыі пратэстаў. У Горках пратэсты ідуць ужо некалькі дзён пры вялікай колькасці ўдзельнікаў — па некаторых ацэнках тут збіраюцца да 2.000 чалавек. А
Вечарам па Оршы на прадпрыемствах пачалі абзвоньваць работнікаў розных прадпрыемстваў і складаць спісы тых хто паедзе ў Мінск на акцыю падтрымкі Лукашэнка. Наколькі мы вядаем, чыгуначнікі даволі масава адмовіліся ехаць у Мінск, на іншых прадпрыемствах таксама шмат адмовіўшыхся. Каля 9 гадзін раніцы з Оршы выехала 6 аўтобусаў. Але аўтобусы гэтыя не настолькі вялікія і сумніўна, што ў іх змаглі сабраць 200 чалавек, якія мусілі паехаць па плане.