Як паведаміў канал «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси», 12 і 13 снежня праз станцыю Ворша-Цэнтральная ішлі расейскія эшалоны з вайсковай тэхнікай. Нагадаем, што расейцы карыстаюцца вайсковымі палігонамі, беларускай медыцынай, якую ім прадаставіў Лукашэнка. Менавіта з тэрыторыі Беларусі на суседнюю Украіну адбываўся напад расейцаў 24 лютага гэтага году.
11 снежня а 18:16 у Воршу прыбыў састаў з расейскай колавай вайсковай тэхнікай са станцыі Місяж Паўднёва-Уральскай чыгункі Расеі. 12 снежня а 3-й ночы цягнік адправіўся на станцыю Палонка Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.
13 снежня з 13:50 да 15:45 на Воршы-Цэнтральнай «гасцяваў» састаў з Астрагожску Паўднёва-Усходняй чыгункі Расеі з колавай і вусенічнай вайсковай тэхнікай. Ён таксама накіроўваўся ў Палонку.
Такім чынам, беларускія чыгуначнікі працягваюць спрыяць перасоўванню расейскай вайсковай тэхнікі, якая трэніруецца перад уварваннем ва Украіну. Тым не менш, з развіццём сучасных тэхналогій становіцца ўсё больш зразумелым, якую менавіта ролю Лукашэнка адыгрывае ў вайне, нягледзячы на тое, што ўлады часам спрабуюць адмаўляць свой удзел а часам прызнаюць.