Неабвешчаная акупацыя Беларусі расейскімі войскамі, якая, на думку палітычных экспертаў, пачалася ў студзені 2022 году, за месяц да вайны Расеі супраць Украіны, працягваецца. У ноч на 6 студзеня ў Беларусь прыехаў пасажырскі цягнік з 15 плацкартнымі вагонамі, які, імаверна, перавозіў асабовы склад расейскага войска, магчыма, мабілізаваных з розных рэгіёнаў Расеі. Пра гэта піша супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.
Раніцай 6 студзеня ў Палонку на Баранавіцкім аддзяленні Беларускай чыгункі прыйшоў вайсковы эшалон пад нумарам 963, у саставе якога знаходзілася ≈30 вагонаў-платформ з пагружанай на іх колавай воінскай тэхнікай, 4 крытыя вагоны з ВМ і рыштункам, 2 пасажырскія вагоны з асабовым саставам. Састаў ішоў паўз Воршу-Цэнтральную.
Павелічэнне колькасці расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі можа азначаць падрыхтоўку Расеяй новага наступу на тэрытоырю Украіны. З 24 лютага 2022 Расеі ўдалося акупаваць некаторыя новыя тэрыторыі Украіны. Аднак у апошнія месяцы войскі Украіны здолелі здабыць некалькі важных перамог і пераламіць хаду вайну. Расейцам не ўдаўся бліцкрыг. Адзіны абласны горад — Херсон — які яны здолелі заваяваць, праз некалькі месяцаў акупацыі вярнуўся ў рукі ўкраінцаў. Па сабе расейцы усюды, дзе займалі тэрыторыі, пакідалі катоўні, зруйнаваныя будынкі і сотні трупаў. Супраць Расеі пачата некалькі расследаванняў адносна генацыду і іншых ваенных злачынстваў.